Мінскія патопы – помста падземных мутантаў-амфібіяў

davy-jones

Спецыялісты-урбанолагі наблізіліся да праблемы рэгулярных затапленняў вуліц Мінска, якія здараюцца з зайздроснай рэгулярнасцю пасля любога грыбнога дожджыку.

Вось і цяпер 13 ліпеня ў Мінску зноў здарыўся патоп, падчас навальніцы цэнтральныя магістралі беларускай сталіцы зноў пагрузіліся ў пучыну вады. Асабліва, як заўжды, пацярпела вуліца Няміга, якую гэты рок пераследуе пастаянна.

Аднак варта паўстрымаць некаторыя гарачыя галовы, якія традыцыйна кінуцца крытыкаваць гарадскія ўлады за дрэнна спраектаваны калектар і дрэнны стан ліўневай каналізацыі. Разгадка крыецца нашмат глыбей як у пераносным, гэтак і ў прамым сэнсе.

У 70-я гады мінулага стагоддзя да юбілею 60-годдзя Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі вяліся работы па капітальнай рэканструкцыі падземнага тунэлю, у які некалі была зняволеная славутая рака Няміга. Брыгада рабочых у абедзены перапынак бахнула па пляшцы “Агдаму” і адрубілася прама на рабочым месцы ў тунэлі, у той час як брыгада сумежнікаў таксама бахнула, але “Кагору” і, незаўважыўшы сваіх калег, навечна замуравала іх у Нямізе.

Будучы наўсцяж прапітаныя спіртавымі напоямі, небаракі-рабочыя не толькі не перадохлі ў вільготным смуродзе ракі Нямігі, але, як сапраўдныя беларусы, прыстасаваліся і муціравалі, ператварыўшыся ў амфібіяў. З тых самых часоў і павялося, што як толькі над Мінскам здараецца больш-менш добры дождж мутанты наўмысна блакуюць ліўневыя сцёкі, каб вада ў Нямізе паднялася і затапіла вуліцы. А потым пад прыкрыццём усеагульнай панікі яны тыраць бухло ў бліжэйшых вінагарэлачных крамах.

Наколькі праўдзівая гэтая гіпотэза зараз высвятляюць спецыялісты з Інстытуту каналізацыі Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь.

 

Добавить комментарий