Супрацоўнікі міліцыі – першыя ахвяры Pokemon GO

pokemon

Істэрыя вакол гульні Pokemon GO, якая апантала ўвесь свет, нарэшце дасягнула Беларусі.  Першымі яе ахвярамі сталіся супрацоўнікі праваахоўчых органаў.

Тое, што беларускія міліцыянты знаходзяцца ў групе рызыкі можна было здагадацца адразу. Усе ведаюць, што пры любой масавай і не вельмі акцыі апазіцыі тыя адразу дастаюць свае відэакамеры, смартфоны ды іншыя прылады, каб зафіксаваць факт супрацьпраўнага дзеяння.

Цяпер жа, з пачаткам сусветнага вар’яцтва вакол новай інвазіі пакемонаў, супрацоўнікі міліцыі ды іншых спецслужб першымі падселі на Pokemon GO – гэтую мабільную гульню з дапоўненай рэальнасцю.

З ранку да вечара гэтыя новыя пакемонаманы цяпер лётаюць па горадзе ў пошуках «дзікіх» пакемонаў, каб злавіць іх і даставіць у «пакестопы». У якасці «пакестопаў» – месцаў, дзе гулец можа атрымаць бонусы – фігуруюць аддзяленні міліцыі, куды трэба прывалачы чарговага злоўленага пакемона.

Прычым ужо заўважана, што ля кожнай лакацыі, дзе можна сустрэць пэўнага кшталту пакемона, адпавядае пэўны від правапарушэння. Ёсць асобныя пакемоны, што тусуюцца каля булдосаў, ёсць тыя, што аддаюць перавагу хавацца ў наркаманскіх прытонах і гэтак далей.

Існуе і адпаведны пакемон, які тусуецца выключна ў месцах зборышча апазіцыйна настроеных грамадзянаў. Гэта –бульбазаўр, аматар экстрыму і несанкцыянаваных акцый. Асабліва часта яго можна сустрэць апошнімі днямі на пікетах па збору подпісаў. Таму, калі з’яўляецца інфармацыя, што на пікет прыпёрліся людзі ў пагонах альбо ў цывільным, не хвалюйцеся. Проста яны ловяць тут чарговага бульбазаўра.

 

Добавить комментарий